Работнікаў сталовых, як і камбайнераў, вадзіцеляў на адвозцы збожжа, працаўнікоў на зернесушыльных комплексах, па праве можна лічыць непасрэдныміі актыўнымі ўдзельнікамі ўборачнай кампаніі. Як вядома, толькі ў сытага працаўніка і работа ладзіцца, і настрой добры. Ну а хто ж, як не добры повар, смачна накорміць хлебароба?
Клапаціцца аб харчаванні мясцовых аграрыяў кіраўніцтва шэрагу гаспадарак раёна пачало задоўга да пачатку палявых работ. Так, у СВК “Жухавічы” быў зроблены капітальны рамонт сталовай, набыта сучаснае абсталяванне. Новая ўтульная сталовая КСУП “Племзавод “Карэлічы” сёння размяшчаецца ў будынку Дома механізатара на мехмайстэрнях у агр. Палужжа. Сталовая КСУП “Лукі-Агра” таксама сустрэла пачатак палявых работ у абноўленым выглядзе: у 2018-2019 гадах тут быў праведзены капітальны рамонт, усталявана вентыляцыя, набыты дзве газавыя пліты, мэбля.
– Ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна харчаванне ўдзельнікаў жніва наладжана належным чынам, – адзначыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская. – Кожны дзень работнікі сталовых 10 гаспадарак Карэліччыны рыхтуюць каля 805 абедаў і 475 вячэр. У сярэднім па раёне кошт абеду для ўдзельнікаў жніва складае 65 капеек, вячэры – 35. 22 машыны дастаўляюць ежу механізатарам прама ў поле, не адрываючы іх ад работы.
Першай гаспадаркай, дзе давялося асабіста адчуць прыемны пах свежапрыгатаванага абеду, стаў СВК “Свіцязянка-2003”. Сёлета кіраўніцтва гаспадаркі набыло 129 індывідуальных тэрмасаў для першых і другіх страў, зручнасць якіх ужо ацанілі і работнікі сталовай, і механізатары. Таксама былі закуплены пласмасавыя кантэйнеры для салатаў.
– Безумоўна, як і да ўсяго новага, да тэрмасаў нашым хлопцам трэба было прывыкнуць. Але прывыклі хутка, і сёння ўсе задаволены, – дзеліцца загадчыца сталовай СВК “Свіцязянка-2003” Алена Сак.
Уборачная кампанія на Карэліччыне ідзе поўным ходам. Яе галоўныя героі – сціплыя і стрыманыя рупліўцы – адказна і самааддана выконваюць сваю працу, імкнучыся вывесці раён у сапраўдныя лідары. Экіпаж Аляксандра Зусько і Андрэя Крапіўніцкага з КСУП “Лукі-Агра” – яскравы таму прыклад. Хлебаробы сталі першымі ў раёне, хто змог намалаціць 1000 тон зерня.
Узнагародзіць лідараў уборачнай гонкі і выказаць шчырыя словы падзякі на палеткі гаспадаркі прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатолій Коршун, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская, дырэктар КСУП “Лукі-Агра” Мікалай Гавіна і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Наталія Мардзіловіч. Таленавітыя аграрыі ўзнагароджаны Дыпломамі Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, грашовымі прэміямі і памятнымі падарункамі.
Сакрэт поспеху сціплага і стараннага Аляксандра Зусько – павольнасць і размеранасць. Як гаворыцца, цішэй едзеш – далей будзеш.
І, як бачым, шматлікія ўзнагароды на працягу дваццаці гадоў добра адлюстроўваюць праўдзівасць гэтай прымаўкі. Выходзячы на працу з першымі промнямі сонца і вяртаючыся – з апошнімі, такія работнікі, як Аляксандр і Андрэй служаць выдатнай гарантыяй таго, што на стале беларусаў заўсёды будзе смачны і духмяны хлеб.
polymia.by [1]
Ссылки в статье:
[1] polymia.by: http://www.polymia.by/2019/07/luchshie-iz-luchshix-v-korelichskom-rajone-nagradili-pervyj-ekipazh-napolotivshij-1000-tonn-zerna/