КСУП «Гервяты» спецыялізуецца не толькі на вытворчасці малака – тут працуюць малочна-таварныя комлексы «Рымдзюны» і «Дайлідкі» і пяць малочна-таварных ферм – але і мяса. На жывёлагадоўчым комплексе па адкорме і дарошчванні буйной рагатай жывёлы, дзе ўтрымліваецца 4 320 галоў, працуюць 41 чалавек. А найлепш гэта атрымліваецца ў жывёлаводаў Валянціны Гульбіновіч, Веры Кацяш, Дануты Жукоўскай, Сыс Святланы і Таццяну Кацяш.
Жывёлаводы Святлана Сыс і Валянціна Гульбіновіч
На малочна-таварным комплексе «Рымдзюны» ўсё малако ў мінулым месяцы паставілі перапрацоўшчыкам гатункам экстра. Трымаць марку, па словах работнікаў, яны будуць імкнуцца і надалей. Прафсаюзныя лідары тут адзначылі работу начальніка комплексу Любові Шапуры і аператараў машыннага даення Ларысы Гілевіч, Алены Дзямідчык і Ганны Праўлуцкай.
Рымдзюнскія даяркі: Ларыса Гілевіч і Алена Дзямідчык
Калі ў «Рымдзюнах» узнагароды атрымалі прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, то ў «Дайлідках» – у большасці мужчыны. Слесар малочнага абсталявання Казімір Супрановіч на комплексе клапоціцца пра тое, каб дойка праходзіла ў штатным рэжыме. Трактарысты-машыністы Валерый Весялоў [1], чый партрэт пазалетась быў занесены на раённую Дошку гонару, і Станіслаў Барташэвіч кормяць жывёлу. Галіна Каляда даглядае каля сотні цялят, а ў групе Валерыя Буцько каля 300 кароў.
Трактарыст-машыніст Станіслаў Барташэвіч (МТК «Дайлідкі»)
На малочна-таварнай ферме «Гіры» з’явіўся зацэментаваны абгароджаны выгул. Па словах загадчыка Наталлі Паламар, адзіная праблема – недахоп людзей: вельмі патрэбна падменная даярка, таму што жанчынам даводзіцца працаваць без выхадных.
Загадчыца МТФ «Гіры» Наталля Паламар
Аператар машыннага даення МТФ «Малюта» Алена Янковіч у дзяцінстве марыла стаць настаўніцай, але ўжо больш за 20 гадоў працуе ў мясцовай гаспадарцы. За добрыя вынікі работы партрэт Алены Зянонаўны заносіўся на Дошку гонару раёна і сельскагаспадарчага прадпрыемства.
Лепшая даярка МТК «Малюта» Алена Янковіч
На малочна-таварнай ферме «Сакалойці» пра жывёлу клапоціцца 12 чалавек. Больш за 20 гадоў загадчыкам працуе Марыя Лапуня.
Загадчыца МТФ «Сакалойці» Марыя Лапуня
– У нас нядрэнны калектыў, ведаем адзін аднаго не першы год, – гаворыць Марыя Зянонаўна. – Людзі стараюцца – і ёсць вынік. Каля сямідзесяці працэнтаў малака здаём вышэйшым гатункам.
У групе Іны Рэвакі каля 50 кароў. Жанчына ўпэўнена, што надоі залежаць не толькі ад кармоў, але і ад адносінаў да жывёлы.
Аператар машыннага даення малочна-таварнай фермы «Міцюны» Святлана Вяржынская неаднойчы прызнавалася лепшай даяркай КСУП «Гервяты».
– У восем раніцы раздаю каровам канцэнтраты, выпойваю цялятак і перасцілаю ў клетках, – расказвае маладая жанчына. – Можна сказаць, што жыву на ферме: дом у некалькіх кроках ад работы – зручна, калі ўзнікае патрэба. Напрыклад, карова павінна ацяліцца, дык у любы момант магу падбегчы.
Лічы, усё жыццё Тарэса Баравік працуе на малочна-таварнай ферме «Чэхі». Разам з мужам Зянонам яны даглядаюць каля 290 галоў.
Тарэса Баравік, МТФ «Чэхі»
– На нашу ферму прывозяць паўгадовых бычкоў –дарошчваем іх ы каля года, – расказвае жанчына. – Да работы прывыкла – і, прызнацца, у іншым месцы сябе ўжо не ўяўляю.
ostrovets.by [2]
Ссылки в статье:
[1] Валерый Весялоў: http://www.ostrovets.by/news/novosti/news16133.html?sphrase_id=37650
[2] ostrovets.by: http://www.ostrovets.by/news/novosti/news23604.html