На Дзятлаўшчыне з удзелам моладзевага і прафсаюзнага актыву раёна прайшоў адкрыты дыялог “Канстытуцыя – сіла закона”.
У якасці экспертаў на форуме па абмеркаванні пытанняў, якія выносяцца на рэспубліканскі рэферэндум, выступілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык.
Першае пытанне ад моладзевай арганізацыі прагучала для Аляксандра Бараноўскага. Моладь цікавіла, навошта шырокімі паўнамоцтвамі надзяляецца Усебеларускі народны сход, і ці не прывядзе гэта да двоеўладдзя?
Адказваючы на яго, Аляксандр Станіслававіч падкрэсліў, што наша рэспубліка па-ранейшаму застаецца прэзідэнцкай, аднак праектам Канстытуцыі прадугледжваецца змяняльнасць улады, таму і ствараецца сістэма стрымлівання, якая зберажэ дзяржаву ад узрушэнняў, такім “страховачным органам” стане УНС, сярод 1200 дэлегатаў якога будуць прадстаўнікі розных галінаў улады і грамадства.
Наступнае пытанне тычылася артыкула 80 Канстытуцыі, дапоўненага новымі патрабаваннямі да асобы кандыдата ў Прэзідэнты. Прысутных цікавіла, ці не трэба дапісаць “і раней не судзімага”. У пошуках адказу эксперты і аўдыторыя сышліся на думцы, што Прэзідэнт – гэта эталон для народа, і “плямаў” на яго рэпутацыі быць не павінна.
Не засталіся раўнадушнымі прысутныя пры абмеркаванні дапаўнення аб захаванні гістарычнай памяці, якое заклікана засцерагчы краіну і народ ад скажэння гістарычных фактаў. Аляксандр Бараноўскі падкрэсліў, што сёлетні год у Беларусі нездарма названы Годам гістарычнай памяці, якую неабходна зберагаць і перадаваць нашым нашчадкам: хутка не застанецца жывых сведкаў ваенных падзей, якія могуць расказаць праўду, а жадаючых перапісаць гісторыю на свой лад дастаткова. Не дазволіць гэтага заклікана і расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва Беларусі.
Старшыня прафсаюзнай арганізацыі Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Жанна Лукашэня зазначыла, што патрыятычнаму выхаванню дзяцей у нашым раёне надаецца вялікая ўвага. Напрыклад, да чарговай гадавіны Вялікай Айчыннай вайны яе навучэнцы рыхтуюць малюнкі па тэмах “Яны змагаліся за Радзіму”, “Мае ветэраны”. Дзякуючы падобным праектам, лічыць педагог, мы не забудзем свайго мінулага.
Пагутарылі актывісты грамадскіх аб’яднанняў і наконт магчымых правакацый напярэдадні рэспубліканскага рэферэндуму і ў час яго, абмеркавалі меры рэагавання, сярод якіх – дасведчанасць, устойлівая грамадзянская пазіцыя, праверка інфармацыі ў розных крыніцах, хуткае аправяржэнне лжывых даных.
Наконт дапаўнення аб абавязку грамадзян клапаціцца пра сваё здароўе тлумачэнні даў Валерый Макарчык [1]. Ён адзначыў, што падобная норма даўно існуе ў правілах аховы працы для работнікаў розных галінаў. Калі яны выконваюцца, то мінімізуецца траўматызм на вытворчасці. У плане аховы здароўя дапаўненне таксама не будзе лішнім.
Прадстаўнікоў старэйшага пакалення з раённага савета ветэранаў хвалявала пагадненне аб калектыўнай бяспецы паміж краінамі Еўразійскага саюза, згодна з якім беларускія міратворцы ўжо пабывалі на тэрыторыі Казахстана.
Было растлумачана, што Беларусь не мяняе ваенную дактрыну, якая па-ранейшаму застаецца абарончай, наша дзяржава не будзе праяўляць ваеннай агрэсіі, а рашэнні аб удзеле ў калектыўнай бяспецы пры прыняцці змяненняў Асноўнага Закона будзе выносіць Усебеларускі народны сход. Як орган народаўладдзя ён прадставіць пазіцыю шырокіх слаёў беларускай грамадскасці.
Падводзячы вынікі форуму, Аляксандр Бараноўскі заклікаў лідараў аб’яднанняў арганізаваць падобныя сустрэчы ў сваіх калектывах, бо людзям важна пачуць адказы на хвалюючыя пытанні.
Валерый Макарчык падкрэсліў, што кожны грамадзянін мае права паўдзельнічаць у вызначэнні будучыні роднай краіны праз удзел у рэспубліканскім рэферэндуме.
Ірына СТЫРНІК
diatlovonews.by
Ссылки в статье:
[1] Валерый Макарчык: http://diatlovonews.by/2022/01/valeryj-makarchyk-vyarshycca-gistoryya/