Сустрэча з маладымі спецыялістамі аграрнай галіны прайшла ў Любанскім раёне Мінскай вобласці па ініцыятыве райкама прафсаюза.
Сёлета на Любаншчыну ў арганізацыі АПК прыбылі 23 выпускнікі вышэйшых і сярэдне-спецыяльных устаноў. Яны папоўнілі калектывы сельскіх гаспадарак, свінакомплексу “Забалаць”, філіяла ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат”. Праўда, некаторых маладых людзей неўзабаве прызвалі ва Узброеныя Сілы. Астатнія ж спасцігаюць на практыцы навыкі па абраных спецыяльнасцях.
– Каб даць ім магчымасць пазнаёміцца, а ўраджэнцам іншых рэгіёнаў яшчэ і даведацца, чым жыве раён, куды прыехалі на першае працоўнае месца, было вырашана арганізаваць сустрэчу, – распавяла старшыня Любанскай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Рубін.
Падчас сустрэчы аграрыі разам з Таццянай Аляксандраўнай здзейснілі змястоўную экскурсію: наведалі шэраг аб’ектаў. Так, у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры ўведалі, якія паслугі аказваюцца насельніцтву для фарміравання здаровага ладу жыцця, у дзіцячай школе мастацтваў – як падрастаючае пакаленне любанчан далучаецца да прыгожага.
З цікавасцю паназіралі за вытворчым працэсам на рыбакамбінаце і хлебзаводзе. А таксама акунуліся ў мінулае: з навуковым супрацоўнікам музея народнай славы Антанінай Сімонавай здзейснілі экскурс у гісторыю на востраве Зыславе, які захоўвае памяць пра неўміручы подзвіг нашых землякоў у гады ліхалецця. Кожная кропка маршруту ў выніку пакінула ва ўдзельнікаў станоўчыя ўражанні.
ИСТОЧНИК [1]
Ссылки в статье:
[1] ИСТОЧНИК: https://apk.1prof.by/news/moladzi-asablivaya-%d1%9evaga/