На ўрачыстасці з нагоды Дня пажылых людзей старшыні ветэранскай арганізацыі КСУП «Племзавод Карэлічы» Лізавеце Міхайлаўне Благадаравай уручана пасведчанне «Ганаровы ветэран». Якімі клопатамі жыве жанчына сёння і якое стаўленне да жыцця, журналіст раённай газеты «Полымя» пацікавілася падчас сустрэчы.
— Лізавета Міхайлаўна, што адчувалі, калі даведаліся аб тым, што Ваша праца высока адзначана?
— Для мяне гэта было нечакана. Стараюся працаваць не дзеля ўзнагароды, а так, як падказвае сумленне. Мой дэвіз: «Калі можаш дапамагчы людзям — дапамажы».
— Неаднойчы даводзілася сустракацца з Вамі падчас правядзення раённага аўтапрабегу «Ад помніка да помніка» ў аграгарадку Палужжа. Скажыце, наколькі тэма патрыятычнага выхавання для членаў ветэранскай арганізацыі важная?
— Я думаю, гэтая тэма вельмі важная для кожнага. Не на словах, а на справе даказваць вернасць гістарычнай памяці. Мы даглядаем помнік загінулым воінам у аграгарадку Палужжа, помнік Главінскай Кацярыне Сцяпанаўне, актыўнай удзельніцы партызанскага руху, Заслужанай настаўніцы БССР, дырэктара Палужскай школы, і ў Навасёлках помнік загінулым у гады вайны. Разам з выхаванцамі Палужскага дзіцячага сада прымае ўдзел у мітынгах каля помніка ў Палужжы.
— Сваё працоўнае жыццё прысвяцілі педагагічнай справе. Што гэта для Вас? Ці дапамагае набыты вопыт у грамадскай дзейнасці?
— 45 гадоў як закончыла фізічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага. Спачатку была настаўніцай фізікі на Брэстчыне. У 1983 годзе прыехала на радзіму, у вёску Шчорсы Навагрудскага раёна. З 1984 года стала працаваць ва ўстановах адукацыі Карэліччыны. За гэты час мне давялося спасцігаць сакрэты настаўніцтва ў прафесіяналаў педагагічнай працы і людзей вялікай душы: Веры Віктараўны Грышэчкі, Ніны Пятроўны Чычкан, Віталія Васільевіча Шэўкі, Таццяны Іванаўны Грыбок, праца якіх была прыкладам для мяне. І ўсё гэта дапамагае зараз у маёй грамадскай дзейнасці пры вырашэнні розных злабадзённых пытанняў.
— Быць лідарам няпроста, тым больш у ветэранаў працы. Іх трэба падтрымаць і дапамагчы, усяліць веру ў заўтрашні дзень. У Вас ёсць аднадумцы, якія дапамагаюць ажыццяўляць планы?
— Лідарам сябе не лічыла і не лічу, я добрасумленны выканаўца. Дапамагае ў рабоце старшыня Малюшыцкага сельвыканкама Віктар Аркадзьевіч Дзірвук. У свой час добрую падтрымку аказвала Таццяна Віктараўна Русак, якая працавала намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП «Племзавод «Карэлічы». Дапамагаюць і ветэраны працы нашай арганізацыі, да якіх звяртаюся: Наталля Аляксандраўна Пярэська, Тамара Аляксандраўна Рэмез, Ірына Яўгеньеўна Бабко. У маёй справе вялікую падтрымку адчуваю ад старшыні раённага савета ветэранаў Валянціны Іванаўны Кошур, якая падказвае і раіць, і разам абмяркоўваем правядзенне мерапрыемстваў.
— Што асабліва цікава ў жыцці? У Вас ёсць любімае захапленне?
— Цікаўлюся сучаснымі тэхналогіямі: хачу ісці ў нагу з часам і маладым пакаленнем. Думаю, нядрэнна валодаю камп’ютарам. Як і ўсе пенсіянеры, люблю адпачываць і раблю гэта на сваім агародзе. Лічу гэты занятак сваім хобі. Саджу ўсю агародніну і захапляюся прыгожымі кветкамі. У вольны час рашаю складаныя задачы па матэматыцы, каб развіваць памяць і логіку.
— Сваё жыццё прысвяцілі сельскай мясцовасці. Чым яна захапляе Вас?
— Марыла ў маладосці жыць і працаваць у вялікім горадзе, але абставіны склаліся так, што лёс звязаў мяне з вёскай. Зараз аб гэтым не шкадую. Калі бачу сваіх выпускнікоў, на душы становіцца радасна і нават па звычцы настаўніцы даю парады. Маладым спецыялістам хачу пажадаць, каб палюбілі сваю прафесію, а яна прыносіла радасць ім.
Мне падабаецца ў Палужжы ўсё, а найбольш працавітыя і добразычлівыя суседзі і таленавітыя пенсіянеры. Сярод іх — Зінаіда Уладзіміраўна Купрас і Яўгенія Сямёнаўна Купрас.
— Скажыце, чытаць любіце? Па Вашым меркаванні, што патрэбна чалавеку ў сталым узросце?
— Чытаю найбольш праваслаўную літаратуру. Лічу, што жыццё — гэта рух, і вельмі важна, каб у чалавека ў сталым узросце была мэта, да якой ён імкнуўся бы.
— Якіх толькі эпітэтаў не існуе ў адносінах да восені: яе называюць залатой парой і восенню жыцця.
— Кожную пару года люблю, гэта хараство прыроды. Але больш за ўсё па душы вясна — яна нагадвае маладосць.
— Што пажадаеце чытачам раённай газеты «Полымя»?
— Раённую газету «Полымя» выпісваю. Мне даспадобы, што яна ідзе ў нагу з сучаснасцю, можна задаваць пытанні, на якія заўсёды дапамогуць знайсці адказы. Чытачам жадаю найперш здароўя, і каб далей знаходзілі на яе старонках шмат цікавага і змястоўнага.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ