Па добрай традыцыі штогод прафсаюзныя пярвічныя арганізацыі аграпрамысловага комплексу раёна бяруць удзел у рэспубліканскіх акцыях “Прафсаюзы – дзецям” і “Збяром дзяцей у школу”. На ўрачыстых лінейках у падшэфных школах з падарункамі пабывалі кіраўнікі гаспадарак і іх прафсаюзныя лідары.
Каму і як дапамаглі сабрацца ў школу галіновыя пярвічныя арганізацыі і не толькі, расказаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрый Адула:
– У райветстанцыі аказалі матэрыяльную дапамогу на кожнае дзіця, якое ідзе ў першы клас, а ў сельгастэхніцы – на кожнага школьніка. Прадпрыемства меліярацыйных сістэм, РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”, КСУП “Міхалішкі” ўручылі хлопчыкам і дзяўчынкам, якія ўпершыню селі за парты, партфелі з канцылярыяй – усё за кошт сродкаў прафсаюзнайых пярвічных арганізацый.
Наймальнікі таксама дапамагаюць работнікам падрыхтаваць дзяцей да новага навучальнага года: матэрыяльную дапамогу шматдзетным сем’ям аказалі КСУП “Гудагай”, сельгастэхніка і РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” (апошняя гаспадарка – і інвалідам). Селекцыйна-племянны цэнтр жывёлагадоўлі выдзяліў сродкі работнікам на кожнага школьніка, а КСУП “Гервяты” падрыхтаваў канцылярскія наборы для ўсіх першакласнікаў, хлопчыкаў і дзяўчынак са шматдзетных сямей і сямей, якія знаходзяцца ў сацыяльнанебяспечным становішчы.