Год Якасці — год плённай працы ва ўсіх кірунках. Менавита па-гэтаму другой кропкай у віншавальным маршруце Астравецкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу стаў КСУП “Міхалішкі”. Хоць аграрыі гэтай гаспадаркі не ўвайшлі ў лік пераможцаў працоўнага спаборніцтва сярод занятых на вясенне-палявых работах механізатараў, тым не менш, жывёлаводы МТК “Маркуны” прадэманстравалі добрую прыбаўку ў надоях у параўнанні з мінулым годам. Таму на гэты аб’ект і завіталі з прафсаюзнымі лідарамі Юрыем Адулам і Ірынай Мацкелай.
– Штогод у межах гэтай ініцыятывы стараемся адзначыць розных працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны незалежна ад іх стажу работы і вытворчых паказчыкаў фермы ці комплексу. Па вялікім рахунку, мы ўсе добра разумеем, што некаторыя гаспадаркі знаходзяцца ў дастаткова адрозным эканамічным становішчы, тым не менш, людзі кормяць, дояць і даглядаюць буйную рагатую жывёлу ўсюды, – па дарозе ў Маркуны расказаў Юрый Адула. – Другая мэта, якую стаўлю перад сабой, – паглядзець, у якіх умовах працуюць людзі; даведацца, ці выдаюць ім спецыяльныя адзенне і абутак, а таксама з першых вуснаў пачуць, што хвалюе работнікаў жывёлагадоўлі.
Маркунскі дуэт прымае віншаванні ад Юрыя Адулы
Зазначу, што на МТК “Маркуны” працуе пяць аператараў машыннага даення, адзін з якіх – падменная даярка. У адрозненне ад іншых комплексаў раёна тут практыкуецца пазменны графік: першая пара аператараў закрывае ранішнюю дойку, другая – вечаровую, праз тыдзень у нядзелю жанчыны мяняюцца.
Каб не перарываць вытворчы працэс, павіншавалі працаўніц прама ў даільнай зале. У гэты дзень на змене былі Марыя Чайкоўская і Валянціна Шалінава.
Марыя Чайкоўская
Валянціна Шалінава
– Ваша праца нялёгкая, але вельмі патрэбная. Людзі, якія забяспечваюць харчовую бяспеку нашай краіны, павінны адчуваць клопат і ведаць, што з усімі пытаннямі ў любы момант могуць звярнуцца ў прафсаюзную арганізацыю. Дзякуй вам за стараннасць, адказнасць, працавітасць, – уручаючы Падзякі і падарункавыя сертыфікаты даяркам, адзначыў Юрый Адула.
Гледзячы, як спрытна і хутка Валяніцна Шалінава прымацоўвае даільны апарат да вымені, падумала, што жанчына, мабыць, ўсё жыццё доіць кароў. …Аказваецца, памылялася.
– Больш за дзясятак гадоў адпрацавала на чыгунцы: частыя рэйсы былі з беларускай сталіцы ў Ленінград. У Расію і выйшла замуж, там была аператарам газавых катлоў. Калі ў 2003 годзе захварэла мама, вярнулася на радзіму і пайшла ў мясцовы калгас, – у некалькіх словах расказала жанчына сваю працоўную біяграфію. – Я падменная даярка, дзяўчатам даю выхадны.
Марыя Чайкоўская з напарніцай Ганнай Янушэўскай перайшлі на МТК “Маркуны” пасля закрыцця фермы ў Ласях .
– Мне ёсць з чым параўноваць, – расказвае жанчына. – Хоць у “Ласях” у кожнай даяркі была свая група, але аб’ёмы вытворчасці, у параўнанні з комплесам, можна лічыць мізэрнымі. Таму дакладна будучыня за МТК. Стараемся з дзяўчатамі рабіць сваю справу як мага лепш – ад гэтага залежыць якасць малака.
А яно, да слова, з комплексу ў Маркунах на завод у Смаргонь адпраўляецца гатункам экстра.
Аператарам машыннага даення, якія былі на выхадным: Леакадзіі Боўшы, Ганне Янушэўскай і Святлане Пашкоўскай, – узнагароды перадасць начальнік МТК “Маркуны” Святлана Кісель.
У тэму
* Жывёлагадоўля ў КСУП “Міхалішкі” прадстаўлена комплексам і фермамі (малочна-таварнымі і па адкорме) у Маркунах, Міхалішках, Страчанцы і Страчы.
* 1 555 кг малака – валавы надой ад каровы з пачатку года (+494 кг да аналагічнага перыяду 2023-га).
* 91,4% – таварнасць малака па гаспадарцы, па МТК “Маркуны” – 94%.
Па матэрыялах газеты «Астравецкая праўда»