– У межах гэтай акцыі, як і летась, мы плануем пабываць на ўсіх малочна-таварных ко мплексах і фермах раёна,даведацца, што турбуе людзей і ў якіх умовах яны працуюць, – расказаў старшыня райкама работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрый Адула. – Кожны год стараемся адзначаць работу розных працаўнікоў.
Апошнія некалькі гадоў КСУП “Гудагай” трывала трымаецца ў лідарах раённай малочнай вытворчасці. На многіх фермах адрамантаваны жывёлагадоўчыя памяшканні, а ў “Лошы”, напрыклад, былы гараж за некалькі тыдняў пераабсталявалі ў кароўнік, дзе зараз утрымліваецца каля 150 галоў буйной рагатай жывёлы. Па ўсім бачна, што гудагайцам даўно пара пашырацца, таму на базе фермы “Смілгі” неўзабаве плануюць адкрыць тыповы малочна-таварны комплекс. Цяпер рыхтуецца патрэбная дакументацыя, а пасля пачнецца рэканструкцыя.
У “Смілгах” ад прафсаюзаў падарунак атрымаў жывёлавод Анатоль Алёкса, які ўручную раздае кармы больш за 150 цялятам.
Даяркі Данута Кель і Валянціна Алёкса на малочна-таварнай ферме “Дрэвянікі” працуюць не першы год. У кожнай жанчыны свая група кароў, а яшчэ яны клапоцяцца пра нова народжаных цялят.
Жывёлавода Ірыну Стэх, якая разам з мужам на ферме “Лоша” даглядае дзвесце быкоў, мы заспелі дома. Жанчына здзівілася нечаканаму, але прыемнаму візіту гасцей.
На малочна-таварнай ферме “Рукшаны” жывёлавод Андрэй Лапшэвіч клапоціцца пра дойны статак і сухастойных кароў – а гэта больш за 230 галоў. А ў групе аператара машыннага даення Марыны Шафран – 51 рагуля і 13 цялят.
На малочна-таварную ферму “Індрубка” даярка Наталля Шатраўская і слесар па рамонце малочнага абсталявання Алег Паршутовіч прыйшлі працаваць у адзін дзень – было гэта ў 1993 годзе, ды так і засталіся.
На ферме “Слабодка” аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы Уладзіслаў Казлоўскі даглядае каля ста галоў.
Падзякі і падарункі ў гэты дзень атрымалі і жывёлаводы фермы “Дзягенева” і “Міндзяны” Аляксандр Жаброўскі і Тэрэса Трусевіч.
У новым 2020 годзе прафсаюзныя лідары са словамі падзякі за працу і падарункамі завітаюць на фермы іншых гаспадарак.