Эдуард Сарока пайшоў на фронт добраахвотнікам восенню 1944 года. Быў наводчыкам 152-й гаўбічнай батарыі рэзервовага палка. З баявымі таварышамі радавы мужна змагаўся на тэрыторыі Польшчы. Да Перамогі салдату давялося ісці нялёгкімі ваеннымі дарогамі. Пасля заканчэння вайны яшчэ шэсць гадоў радавы Сарока служыў у арміі. Аб мужнасці і стойкасці ветэрана вайны кажуць і яго баявыя ўзнагароды — ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль «За перамогу над Германіяй 1941-1945 гг.», «Медаль Жукава», а таксама юбілейныя медалі.
Жудасныя падзеі ваеннага ліхалецця ўрэзаліся і ў памяць тады маленькай чатырохгадовай Марыі Селядцовай, якая страціла два гады жыцця ў германскім канцэнтрацыйным лагеры. Пры вяртанні дамоў яе, як і іншых дзяцей вайны, чакалі цяжкія выпрабаванні ─ голад, разруха і хваробы…
Разам са старшынёй Жупранскага выканкама Андрэем Клышэўскім удзельнікі дэлегацыі накіраваліся ў Жупраны, каб уручыць юбілейную ўзнагароду ўдзельніку Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміру Уладзіміравічу Лашкевічу. З 1944 года мужчына прымаў удзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб’ектаў. У арсенале ветэрана вайны — медаль «За перамогу над Германіяй» і шматлікія юбілейныя ўзнагароды.
Да віншаванняў удзельніка вайны Браніслава Іванавіча Шагідзевіча далучылася першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Вольга Шыдлоўская.
Апошняй кропкай віншавальнага маршруту сталі адрасы вязняў канцэнтрацыйных лагераў Міхаіла Ханені і Соф’і Наваркі. Госці павіншавалі іх з надыходзячым святам, а таксама ўручылі медалі і падарункі.