Вглядитесь в лица тех, кому сегодня за восемьдесят.
Эти люди – целое поколение – в самом нежном возрасте познали потери и боль, голод и страх, наравне со взрослыми непосильно работали и страдали, а потом возрождали, строили, созидали, лечили, учили, воспитывали…
Мы редко говорим о том, что Великая Отечественная война – это не только бои и бесстрашие советских воинов, партизан и подпольщиков, но и изувеченные детские судьбы, и отнятое беззаботное детство.
Новый совместный проект «Гродзенскай праўды» и Гродненского областного совета ветеранов – о детях войны, которые неумолимо уходят из жизни вслед за ее участниками. Война через тонкие детские души, воспоминания, эпизоды и судьбы не только возвратит нас в тяжелые для Отечества годы, но и раскроет новые грани величия человеческого духа.
80-летию освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков, нашим родителям, бабушкам и дедушкам, прабабушкам и прадедушкам посвящается…
Дзеці і вайна. Што можа быць больш жудасным і несумяшчальным? А колькі ж іх, маленькіх, даверлівых, безабаронных, загінула ў пекле вайны. Іх расстрэльвалі аўтаматамі, падрывалі на мінах, палілі ў агні, душылі ў газавых камерах, тапілі ў калодзежах, цкавалі сабакамі, марылі голадам у канцлагерах. З іх цягнулі кроў для салдат нямецкага рэйха. Яны пухлі і паміралі з голаду, сівелі ад страху, жабравалі, елі лебяду, хлеб з апілкамі і з усёй сілы цягнуліся да жыцця, як цягнуцца былінкі да сонца. Дзеці ваеннага ліхалецця. Сёння гэта ўжо даўно пасівелыя дзядулі і бабулі, выгадаваўшыя сваіх дзяцей, унукаў і нават праўнукаў. Амаль восем дзесяцігоддзяў мінула з той пары, як змоўклі гарматы, прарваўшыя іх мірны дзіцячы сон, а ім па начах ўсё яшчэ сніцца вайна, і ўсё часцей прыходзяць успаміны…
Вера Іванаўна Грыцкевіч нарадзілася, вырасла і ўсё жыццё пражыла ў Новым Двары Свіслацкага раёна. Зараз яна амаль самая старэйшая жыхарка аграгарадка, але гады нібы не маюць над ёю ўлады. У свае 92 гады яна яшчэ добра выглядае і не губляе бадзёрасці духу. Размаўляць з бабуляй Верай – адно задавальненне. Вочы свецяцца мудрасцю, і ўся яе істота праменіць дабрынёю і шчырасцю. Вось яна сядзіць насупраць мяне, пачынае распавядаць, і я разам з ёю вяртаюся ў сорак першы…
– Я добра памятаю той дзень, 22 чэрвеня, – пачынае распавядаць Вера Іванаўна. – Вельмі яркае сонца было. Мама з маім братам Валодзем і сястрой Ленай, мы з ёю блізняты, а таксама з пляменнікамі Віталікам і Раечкай паехалі ў Ваўкавыск. Яна хацела ім горад паказаць, цягнікі, бо яны ніколі іх не бачылі. А я са старэйшай сястрой Жэняй, ёй 14 гадоў, а мне – 9, засталіся дома з дзедам Мяфодзіем. Выходзілі часта на вуліцу, маму выглядалі. Бачылі, што людзі нейкія ўстрывожаныя, перашэптваюцца. Але мы не вельмі звярталі на гэта ўвагу. Мы чакалі маму. Наша цётка Маруся таксама ўсё выглядала сваіх дзетак – Віталіка з Раечкай. Яна нервавалася і ўсё паўтарала: “Божачка, Божа, а дзе ж мае птушаняткі?”
Нарэшце пад вечар мама з дзецьмі вярнулася. Яна канём ездзіла, машын ці аўтобусаў, вядома ж, не было. Мы так цешыліся, цётка абдымала сваіх сына і дачушку. Дзякуй Богу, жывыя! А тым часам на Ваўкавыск немцы ўжо бомбы кідалі. Мы яшчэ не ведалі. Вечарам пастухі гналі дадому з пашы скаціну, пыл стаяў, а нам чамусьці здавалася, што гэта дым.
У панядзелак ужо ўсім было вядома – пачалася вайна! А ў сераду ў Новым Двары былі немцы. Недалёка ў лесе наша ваенная часць стаяла. Была страшэнная перастрэлка. Мы баяліся сядзець дома. Пабеглі да цёткі Марусі і схаваліся ў закуток за печ. Чамусьці думалі, што там бяспечна, доўга сядзелі ў тым кутку, а потым перабраліся ў паўразвалены склеп. Усё роўна было вельмі страшна. Страляніна не спынялася. Вырашылі хавацца ў дзеда Івана за рэчкаю. Там у агародзе выкапалі зямлянку, у ёй сабралася ўся радня – 12 чалавек. Зверху галінкамі накрылі і дзірку заткнулі падушкай. Калі зноў пачалася страляніна, у яе куля папала, але нікога не забіла.
Стрыечная сястра Верынай мамы з дзеткамі ў склепе хаваліся. Прыйшоў немец, паглядзеў на іх, зарагатаў і пачаў адчапляць ад свайго пуза гранату. Пакуль адчапляў і кідаў, цётка імгненна выпіхнула з ямы дзетак, а сама не паспела…
Дзесяцігадовая дзяўчынка проста ішла па вуліцы, немец застрэліў. Верынага дзядьку Мішу прымусілі выкапаць сабе яму ў двары і забілі яго. Адзін чалавек гнаў скаціну, яго таксама застрэлілі. Вось так, проста, каго дзе ўбачаць, таго і страляюць, не глядзелі ці стары, ці малы, пэўна, такі адстрэл ім задавальненне прыносіў, паганцам… Як расказала Вера Іванаўна, іх нават куры баяліся. Як убачаць, то ляцелі, кідаліся ў розныя бакі, хаваліся, нават не кудахталі, а «крычалі». А немцы іх палкамі забівалі і рагаталі. Сабакі ў буды забіваліся, вылазіць баяліся. Такі жах яны наганялі і на людзей, і на жывёлу.
– Дзед наш, Мяфодзій, – працягвае Вера Іванаўна, – не хацеў ісці з намі за рэчку, застаўся дома. Калі трошкі сціхла страляніна, ён пайшоў маму зваць, каб ішла карову падаіць, але яна не пайшла, угаворвала і яго застацца, але дзед не паслухаў. Па дарозе назад яго немец забіў ва ўпор.
Праз некаторы час прыйшоў наш салдат, сказаў, што немцаў прагналі з вёскі, можна вылазіць з зямлянкі. Мы вылезлі, дадому вярнуліся. Але праз некалькі дзён немцы зноў былі ў вёсцы, і зноў была перастрэлка, і страх, і смерць наўкол.
Страляніна амаль не спынялася. Гарэлі дамы, крычалі людзі, енчылі дзеці. Прарываліся то нашы, то немцы.
Моладзь пачалі забіраць у Германію на прымусовыя работы. А служачых, дэпутатаў і актывістаў – у канцлагер. Забралі нашага тату. Мама была як нежывая. Адчувала, што больш ніколі не пабачым мы яго. Так і сталася. Ён загінуў. Мы па сённяшні дзень не ведаем, дзе пакоіцца яго прах. Можа, дзе попелам асеў на нямеччыне. А хлопцаў і дзяўчат з кожнага двара забіралі па некалькі чалавек. Калісь жа сем’і былі вялікія, і дзяцей шмат. Немцы пад’язджалі пад хату, заходзілі з аўтаматамі і выганялі на двор маладых. Вазамі везлі, а мацяркі следам беглі, галасілі на ўвесь свет, з дзецьмі сваімі развітваліся. Ужо не спадзяваліся пабачыць жывымі. І многія не вярнуліся з няволі.
У чэрвені сорак другога ў сям’ю прыйшла бяда. Каля кузні стаяла разбітая пушка. Гарэзны хлопчык Коля знайшоў недзе снарад і вырашыў забіць яго ў пушку. Другія дзеці назіралі за гэтым. Стрыечныя брат і сястра Веры Віталік і Раечка толькі што прыйшлі з лесу, дзе нарвалі шмат ландышаў. Яны прыселі каля свайго плоту на лавачцы. І тут Колькін снарад разарваўся. Хлопчыка разнесла на кусочкі. Як падкошаныя пападалі Віталік і Раечка. Ім было 12 і 11 гадоў. Рассыпаліся тыя ландышы, і на кветачках кропелькі крыві засталіся. Нехта сабраў іх з зямлі і потым два букеціка палажылі ў труны… Іх неслі на рушніках на могілкі. Раечкін – дзяўчаты, а Віталіка – хлопцы.
– Наша цётка Маруся чуць розум не страціла, – успамінае Вера Іванаўна. – Яна аддала зямлі адразу дваіх дзяцей, самае дарагое, што ў яе было. Не выходзіла з могілак, на яе было страшна глядзець. Мама нам не дазваляла да яе хадзіць, каб не напамінаць аб дзецях. А яна ўсё выходзіла на двор і звала іх: “Раечка, Віталік, ідзіце піць малачко…”
Памятаю, Раечка ў свае 12 гадоў умела іграць на гітары і часта спявала песню “И белый ландыш на могиле, и незабудка под крестом…” Яна мне не раз гаварыла, што гэта яе любімая песня. З той пары гэтыя белыя кветачкі мне напамінаюць вайну і Раечку з Віталікам. Ды і як жа яны могуць не напамінаць, калі праз год пасля смерці дзяцей на іх магіле зацвілі… ландышы! Яны і зараз там цвітуць кожнай вясной, спачатку толькі на магілах Раечкі і Віталіка зацвіталі, а зараз па ўсіх могілках разрасліся.
У 43-м у цёткі Марусі нарадзілася дачушка. Яе назвалі Раечка. Потым яшчэ і сынок Грышка. Абое выраслі. Раечка была ўрачом (на жаль, ужо няма яе на свеце), а Грышка працаваў лесніком.
Веры Іванаўне цяжка даюцца гэтыя ўспаміны. Яна раз-пораз выцірае слёзы і зноў вяртаецца ў мінулае.
– Да нас часам прыходзілі партызаны. Яны ж тут побач у пушчы былі. Мама іх карміла, з сабою давала, што магла. А аднойчы яны прыйшлі і сказалі, каб нічога нікому не давалі, бо немцы засылаюць паліцаяў, пераапранутых у партызан, і потым забіваюць тых, хто ім дапамагае. Была ў нас адзінокая жанчына Вольга Журкевіч. У яе трое дзетак было. Старэйшай дзяўчынцы гадкоў шэсць, а меньшай і гадочка не споўнілася. Яна прыняла двух нашых салдат на начлег, а немцы высачылі. Забралі і тых салдатаў, і яе. Дзеткі адны засталіся. Маленькую суседзі забралі, а старэйшыя хадзілі па вёсцы, жабравалі, на начлег прасіліся. І ў нас начавалі таксама.
У 44-м зноў да нас наблізіўся фронт. Мы баяліся, хаваліся, куды хто мог, а потым вырашылі бегчы ў пушчу праз балота. Немцы стаялі на перакрыжаваннях, брудныя, злыя. Як мы дабраліся да таго балота, адзін Гасподзь ведае. Зноў ішлі ўсёй раднёй. Маленькая Раечка на руках у цёткі Марусі. Дрыгва пад намі ўздувалася, а ісці да груда-астраўка тры-чатыры кіламетры. Кулі свісталі над галовамі, але мы ўсё ж такі дайшлі. Уратавала нас балота. Зрабілі там шалаш і сядзелі ў ім, пакуль не прыйшлі нашы салдаты і не сказалі, што Новы Двор вызвалены. Людзі абдымалі, цалавалі тых салдатаў, плакалі ад радасці.
Так пачалося ў Новым Двары мірнае жыццё. Навакол бушавала фарбамі лета, за ваколіцай спела жыта, сонейка так пяшчотна сагравала і дзяцей, і дарослых. І птушачкі зашчабяталі ў поўны голас, і пеўні закукарэкалі, і зязюлькі закукавалі, абяцаючы доўгія і шчаслівыя гады тым, хто застаўся жывы…
Першага верасня дзеці спяшаліся ў школу, многія пераросткамі. Верачка з Марыйкай пайшлі ў чацвёрты клас, бо тры паспелі скончыць яшчэ да вайны. Вучыліся добра. Вера вельмі любіла чытаць, але кніг у тую пару было мала. Паспяхова дзяўчаты скончылі сямілетку і паступілі ў Ваўкавыскае педвучылішча. Інтэрнатаў на тую пару не было, трэба было здымаць кватэру. А грошай не хапала. І аднойчы, прыехаўшы праведаць дачушак, маці, сціснуўшы ад роспачы сэрца, сказала: “Дзеткі, не дам рады плаціць за абодвух. Камусьці з вас трэба кінуць вучылішча”. Вельмі няпроста было зрабіць ёй такі выбар, але Вера зрабіла яго сама.
– Я пакінула вучылішча, – успамінае Вера Іванаўна, – але потым скончыла яго завочна. А працаваць пайшла ў бібліятэку. Ах, як жа мне падабалася мая работа! У нас было столькі моладзі, дзяцей. Чытачоў не паспявала абслугоўваць і сама мела магчымасць чытаць, чытаць, чытаць…
Бібліятэка размяшчалася спачатку ў сялянскай хаце. Гасцінныя гаспадары выдзелілі для гэтага адзін пакой. Гэта ўжо значна пазней пабудавалі вялікі Дом культуры, дзе размясцілася бібліятэка. А на тую пару працаваў у вёсцы і клуб у былой польскай пажарнай. І самадзейнасць у ім была на самым высокім узроўні. Не толькі спявалі ды танцавалі, а і пастаноўкі ставілі. Адна з іх – “Канстанцін Заслонаў” па п’есе А. Маўзона заняла на абласным конкурсе першае месца. А калі паказвалі яе ў мясцовым клубе, то яблыку не было куды ўпасці. Нават беларускае радыё прыязджала ў Новы Двор запісваць тую пастаноўку.
Вера Іванаўна аддала любімай справе больш за сорак гадоў. Яна не проста выдавала чытачам кнігі, яна ўлюбляла ў тыя кнігі дзяцей, моладзь, жыла бібліятэчнай справай. І, зразумела, гэта не магло быць не заўважаным. У 1969 годзе як адзін з лепшых бібліятэкараў рэспублікі Вера Грыцкевіч атрымала знак “Выдатнік культуры СССР”, прыказ падпісала сама Кацярына Фурцава. А праз год Вера Іванаўна была ўзнагароджана медалём “За доблесную працу”. На ліку паважанага бібліятэкара медаль “Ветэран працы”, два знакі “Пераможца сацспаборніцтва”, цэлы стос ганаровых грамат і падзяк як саюзнага, так і рэспубліканскага, абласнога і раённага значэння.
Вера Іванаўна выгадавала двух сыноў – Георгія і Віктара. Яны яе надзея і апора, радасць і гонар. Тыя ў сваю чаргу падарылі любай матулі ўнукаў і праўнукаў. Яны радуюць бабулю сваімі поспехамі, спяшаюцца ў любую вольную часіну праведаць, робяць прыемныя неспадзянкі і, несумненна, ганарацца сваёй бабуляй Верай.