Пажадаць маладым спецыялістам паспяховага старту ў прафесію прыйшлі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Васіль Шыцько, галоўны спецыяліст аддзела Аляксей Якаўчык, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.
– Вы – часцінка будучыні нашага раёна, вобласці, краіны, – звярнуўся да прысутных Валерый Макарчык. – На вас з надзеяй глядзіць старэйшае пакалене, якое ўклала сваю шматгадовую працу ў развіцё Беларусі. Не падводзьце сваіх настаўнікаў і бацькоў, свае калектывы. Мы спадзяёмся на вашы энергічнасць і ініцыятыўнасць. Няхай першае рабочае месца стане вашай стартавай пляцоўкай для вялікага прафесійнага росту.
Знайсці на “Святках.by” новых сяброў і знаёмых, а, магчыма, і другую палавінку, моладзі пажадаў Аляксей Якаўчык. Таксама ён заклікаў маладых людзей, не зважаючы на цяжкасці, рухацца наперад, быць актыўнымі, дасягаць пастаўленых мэтаў.
Шмат сюрпрызаў і вясёлых іспытаў прысутным падрыхтавалі вядучыя вечара Наталля Маліноўская і Ала Чарняўская. Маладыя людзі спявалі, танцавалі, даведаліся пра сваю будучыню і нават трапілі ў казку. Лепшыя былі ўдастоены тытулаў “Супер-танцор”, “Супер-усмешка”, “Супер-акцёр”, “Супер-салодкая парачка” і іншых.
Безумоўна, вечар не абышоўся без музычных віншаванняў ад работнікаў культуры і танцавальнай праграмы.