У Лідзе прайшоў абласны форум рэспубліканскай акцыі “Беларусь адзіная”. Удзел у ім прыняла і дэлегацыя працаўнікоў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый Астравеччыны. Некаторых яе ўдзельнікаў мы папрасілі падзяліцца ўражаннямі.
Дэлегацыя працаўнікоў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый Астравеччыны
Марына Кутовіч, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі:
–Вяртаюся з Ліды ў поўным захапленні ад форуму, разумных, інтэлігентных людзей, з якімі давялося сустрэцца і пагутарыць, граматных спікераў, адкрытасці дыскусіі. З сардэчнай цеплынёй павіталіся са старшынёй абласнога аб’яднання прафсаюзаў, не чужым на Астравеччыне чалавекам Віктарам Лісковічам; засталася ў захапленні ад старшыні Беларускага саюза жанчын Вольгі Шпілеўскай, кожнае слова якой было прасякнута любоўю, цеплынёй і клопатам.
Мне пашчасціла задаць пытанне аднаму са спікераў. Хацела, каб на яго адказаў старшыня ГА “Белая Русь” Алег Раманаў – так і атрымалася. Я спытала ў Алега Аляксандравіча, што, на яго думку, можна лічыць праявай беларускай дэмакратыі. Лідар буйнейшага – пасля прафсаюзаў, вядома, – грамадскага аб’яднання адказаў так, як думаю і я сама: калі мы, прадстаўнікі розных слаёў насельніцтва, можам удзельнічаць у такім форуме, адкрыта задаваць пытанні на любыя тэмы (а пытанні былі на самой справе розныя, у тым ліку і досыць вострыя) і атрымліваць на іх шчырыя адказы, то што ж гэта, калі не праява дэмакратыі.
Ірына Шляхтун, старшыня раённага савета ветэранаў:
–Форум “Беларусь адзіная” прайшоў, што называецца, на адным дыханні. Усё, пачынаючы ад ускладання кветак і мітынга ля помніка да адкрытай дыскусіі, было прыгожа, адкрыта, граматна.
Парадавала наша моладзь, якая ідзе правільнай дарогай, шануе заваёвы старэйшага пакалення і працуе для таго, каб наша краіна была моцнай і квітнеючай. У гэтым тандэме – сплаве вопыту і юнацкай энергіі, упэўнена, усё ў нас атрымаецца!
По материалам “Островецкая правда”