Варта адзначыць, што сёлета, пасля правядзення восьмага з’езду Федерацыі прафсаюзаў Беларусі, ва ўсіх пярвічных прафсаюзных арганізацыях былі сфарміраваны касы ўзаемадапамогі. У Дзятлаўскім раённым аб’яднанні прафсаюзаў быў створаны фонд для аказання дапамогі пярвічным прафсаюзным арганізацыям для закупкі сродкаў дэзынфекцыі, сродкаў індывідуальнай абароны і аказання матэрыяльнай дапамогі.
Карэспандэнт газеты “Перамога” пацікавіўся ў Валерыя Вячаслававіча, як дапамагаюць пярвічным прафсаюзным арганізацыям у нашым раёне.
– У гэтым годзе мы аказалі дапамогу ўжо тром пярвічным прафсаюзным арганізацыям, – расказаў Валерый Макарчык. – Вось і сёння перадалі Дзятлаўскай раённай бальніцы больш за тысячу рэспіратараў, якія былі закуплены пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй бальніцы пасля звароту ў раённае аб’яднанне для аказання дапамогі.
Галоўны доктар Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Алег Анцух падзякаваў раённым прафсаюзам за падтрымку і адзначыў:
– Рэспіратары нам былі вельмі неабходныя: яны забяспечаць абарону работнікаў установы ва ўмовах неспрыяльнага эпідэміялагічнага становішча.
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Фота аўтара diatlovonews.by