Ёсць людзі, якія міжволі прыцягваюць да сябе акружаючых, даюць святло і энергію іншым. Такім дзіўным чалавекам з’яўляецца даглядчык ДП “Чарняхоўскі-Агра” Таццяна Гінак, якая амаль сорак гадоў адпрацавала на МТФ “Вялікая Слабада”.
Нарадзілася Таццяна Аляксандраўна ў вёсцы Тарасавічы Турэцкага сельсавета ў сям’і сельскіх працаўнікоў. І бацька, і маці ўсё жыццё працавалі ў калгасе: ён даглядчыкам, а ўлетку пасвіў кароў, яна даяркай.
– У сям’і нас было трое: сястра Алена, брат Сяргей і я, – успамінае суразмоўца. – З малых гадоў мы былі прывучаны да працы, дапамагалі бацькам па гаспадарцы, ды і на ферму да маці часта наведваліся. У кожнага былі свае абавязкі, з якімі ўсе стараліся справіцца як мага лепш і хутчэй. Сямейнае выхаванне вырашыла лёс кожнага з нас. Старэйшая сястра працавала паляводам у роднай гаспадарцы, брат таксама выбраў працу на зямлі. Зараз ён – галоўны аграном ДП “Чарняхоўскі-Агра”.
Таццяна Аляксандраўна пасля школы вучылася ў Ільянскім сельгастэхнікуме па спецыяльнасці “заатэхнія”. Пасля яго заканчэння прыйшла на працу ў родны калгас. Пачынала памочнікам загадчыка фермы “Вялікая Слабада” і на ўсё жыццё засталася верная першаму месцу працы.
З турэцкім юнаком Аляксандрам Гінаком сустракацца дзяўчына пачала яшчэ ў школьныя гады. У 1986 годзе маладыя людзі ажаніліся. Праўленне гаспадаркі выдзеліла маладой сям’і дом ў вёсцы Вялікая Слабада. Пачалі разам наладжваць быт. А неўзабаве ў сям’і нарадзіліся сыны Аляксандр і Сяргей.
Уся далейшая працоўная дзейнасць цяпер ужо сужэнцаў была звязана з жывёлагадоўляй.
– Муж даглядаў коней, а я – цялушак. І дома, і на рабоце былі разам, дапамагалі адзін аднаму. Пражылі доўгае і шчаслівае жыццё, – гаворыць жанчына.
Пражыўшы ў шлюбе 26 гадоў, яна не думала, што хутка застанецца адна. Памёр муж. Таццяна Аляксандраўна стойка вытрымала гэты ўдар, апускаць рукі было нельга, трэба было падымаць сыноў. Гаруй, не гаруй, а жыць трэба далей. І зараз жанчына з гонарам гаворыць пра сваіх дзяцей, якія заўсёды і ва ўсім ёй дапамагаюць. Сын Аляксандр працуе ў Карэліцкім РАУС, Сяргей – у газавай службе г. Гродна, абодва жанатыя. Зараз у Таццяны Аляксандраўны тры ўнукі і адна ўнучка.
Дзеці і ўнукі з вялікім задавальненнем гасцююць у бабулі, а яна любіць папесціць іх чым-небудзь смачненькім.
Што ж тычыцца спецыфікі работы жанчыны, то з дня ў дзень на працягу амаль чатырох дзесяцігоддзяў гераіня адпраўляецца на працу, якую, прызнаецца, вельмі палюбіла.
– Раней было цяжка, зараз кармленне жывёлы стала больш механізаваным і працаваць стала нашмат лягчэй. Шчыра прызнацца, у маладосці я ставілася да сваёй працы па-іншаму. Мне здавалася, я проста прывыкла да гэтай справы, таму камфортна сябе адчуваю. Але праз столькі гадоў усвядоміла, што гэта ўжо не проста праца – гэта маё жыццё.
Жанчына разумее звычкі жывёл, капрызы і выконвае свае абавязкі “з чыстай душой” нягледзячы ні на што.
— Якія якасці або здольнасці неабходныя ў гэтай прафесіі, акрамя любові да жывёл?
— Нейкіх асаблівых здольнасцяў не патрабуецца, але неабходна мець цярпенне, спакой, назіральнасць, настойлівасць, вопыт абыходжання з жывёламі, — растлумачыла даглядчыца.
Але галоўнае, па словах Таццяны Гінак, працаваць добрасумленна, з душой і любоўю да жывёл і абранай прафесіі.
Вось так бывае па-рознаму: вызначаючыся з прафесіяй, адны выбіраюць, дзе лягчэй і цяплей, іншыя ўсё жыццё лётаюць з месца на месца ў пошуках свайго прызвання, але такія, звычайна, не затрымліваюцца на складаных і адказных участках сельгасвытворчасці, і асабліва – у жывёлагадоўлі. Бо тут кожны дзень незалежна ад настрою, надвор’я, святочных дат, трэба не проста прыйсці на працу. Тут, на кожным участку, неабходна па-сялянску старанна выконваць абавязкі, ад якіх залежаць прыплоды, прывагі, надоі на фермах, а значыць, – уласны заробак і прыбытак гаспадаркі. І пакуль ёсць такія адданыя выбранаму жыццёваму шляху вяскоўцы, будзе жыць сельская глыбінка.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара